МАРФЕ́МНЫ СЛО́ЎНІК, слоўнік марфемнай члянімасці слоў,
тып аднамоўнага слоўніка, які адлюстроўвае марфемную структуру слоў. Словы ў ім падзелены на марфемы.
Апісвае слова як моўную адзінку, якая складаецца з мінімальных значымых элементаў — марфем. У бел. лексікаграфіі першы слоўнік такога тыпу — «Марфемны слоўнік беларускай мовы» (складальнікі А.М.Бардовіч і Л.М.Шакун, 1975; 2-е выд. 1989). Падзел слоў на марфемы зроблены з пункту погляду сучаснага разумення марфемнай будовы слова, з улікам яго словаўтваральнай структуры. М.с. адрозніваецца ад словаўтваральнага і тлумачальнага слоўнікаў марфем. М.с. — дапаможнік пры вывучэнні словаўтваральнай сістэмы мовы, структуры слоў, іх правапісу.
А.А.Лукашанец.
т. 10, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)